УСТАНО́ЎЧЫ СХОД 1789—91 у Францыі,
прадстаўнічая ўстанова ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Нац. сход Францыі, створаны 17.6.1789 дэпутатамі Генеральных штатаў ад трэцяга саслоўя, да якіх далучылася частка дэпутатаў ад дваран і духавенства, 9.7.1789 абвясціў сябе У.с. для вырашэння наспелых задач па рэфармаванні грамадска-паліт. адносін у краіне. Пасля нар. паўстання ў Парыжы і ўзяцця Бастыліі (14.7.1789) У.с. прызнаны каралём Людовікам XVI і разгарнуў заканад. дзейнасць. Сярод найважн. прынятых ім актаў: дэкрэты ад 4—11.8.1789 аб скасаванні саслоўных пераваг, феад. правоў, царк. дзесяціны; Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна (26.8.1789); дэкрэты аб нацыяналізацыі царк. зямель і ўвядзенні грамадз. шлюбу (2.11.1789), скасаванні саслоўяў (19.6.1790); Канстытуцыя Францыі (3.9.1791). 30.9.1791 У.с. спыніў дзейнасць, улада перайшла да выбранага паводле Канстытуцыі Заканад. сходу.
т. 16, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)